Вялікдзень не за гарамі: рыхтуемся да свята

Светлагорскiя навiны

Нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе сітуацыя вымушае кожнага з нас быць асцярожным, Вялікдзень набліжаецца. Нагадаем пра традыцыйныя справы, якія звычайна трэба зрабіць да нядзелі.

Гістарычная складаючая

Вялікдзень (Пасха) – важнае свята хрысціян, уведзенае ў гонар Уваскрэсення Ісуса Хрыста. Акрамя таго, да гэтага дня прывязана шмат іншых падзей, якія адзначаюцца ў паслядоўнасці, апісанай у евангеллях: Лазарава субота, Вялікая пятніца, Чысты чацвер і іншыя.

Тыя, хто не зусім у тэме, спытаюць: а прычым тут кулічы, свечкі і астатнія атрыбуты? Яны – галоўныя сімвалы свята, якія нясуць у сабе значэнне святла, абнаўлення і жыцця. Вялікдзень – гэта таксама свята шчодрых страў пасля Вялікага посту.

Заданні на тыдзень

Справа №1: прыбрацца дома. У Чысты чацвер, па традыцыі, наводзяць парадак у хаце. Бо вялікае свята трэба сустракаць і фізічна, і духоўна чыстымі.

Справа №2: набыць прадукты. Традыцыйна святочны стол складаецца з пірагоў, мясных страў, свежанацёртага хрэну і, канечне, яек-крашанак. Рэцэптаў шмат: хтосьці карыстаецца праверанымі бабулінымі і матулінымі, нехта шукае «навінкі» ў інтэрнэце. Галоўнае, каб прыйшлося даспадобы.

Справа №3: памаляваць яйкі. Яшчэ з паганскіх часоў яйка сімвалізавала труну і зараджэнне новага жыцця адначасова. Для хрысціян гэта напамін пра ўваскрэсенне Ісуса Хрыста. Існуе некалькі самых папулярных спосабаў зрабіць са звычайнага яйка твор мастацтва

Варыянт для кансерватараў. Нашы бабулі адварвалі яйкі ў цыбульніку — сухім шалупінні цыбулі, якое збіралі за год. Яно дазваляе дабіцца залаціста-карычневага колеру (чым больш цыбульніку, тым ён больш насычаны). Можна пайсці арыгінальным шляхам і з дапамогай натуральных прадуктаў дабіцца яшчэ і карычневага (кава ці чай), бэзавага (буракі), светла-зялёнага (шпінат ці крапіва), жоўты (морква) адценняў.

Варыянт для рамантыкаў. Прымацаваўшы да чыстага яйка лісцікі, кветкі, выразаныя з паперы фігуркі, шчыльна абматаўшы яго карункамі або папярэдне намачыўшы ў вадзе і пакачаўшы ў крупах, і толькі пасля гэтага апусціўшы ў каляровы адвар, вы атрымаеце вельмі прыгожыя ўзоры. У якасці своеасаблівых трафарэтаў можна таксама выкарыстоўваць звычайныя ніткі або лапікі тканіны.
Варыянт для тых, хто не ўмее маляваць. Калі мастак з вас так сабе, прапануем асвоіць тэхніку дэкупаж. Дэкор яйка лёгка робіцца з дапамогай папяровых сурвэтак з малюнкамі і клею: проста выразайце ўзоры, якія вам спадабаліся, прыкладвайце да яйка і шчодра пакрывайце зверху ПВА.

Варыянт для лянівых. У крамах ужо не першы тыдзень прадаюцца спецыяльныя налепкі, фарбавальнікі і нават бліскаўкі з пацеркамі — набываем і робім прыгажосць па-хуткаму.

Справа №4: схадзіць у царкву. Святкаванне Вялікадня пачынаецца з удзелу ў велікодным набажэнстве. Праваслаўныя і грэка-каталіцкія ўсяночныя службы стартуюць у поўнач, у старыя часы асвячэнне адбывалася на іх пад ранак, але цяпер усё спрасцілася, і пасвяціць стравы можна і на іншых службах на выхадныя. У гэтым годзе лепш выкарыстаць іншую магчымасць (напрыклад, анлайн-трансляцыю паглядзець), але калі ўжо вырашылі папрысутнічаць – прадугледзьце ўсе меры бяспекі.

Дарэчы, на Вялікдзень традыцыйна вітаюцца «Хрыстос уваскрос!», а адказваюць «Сапраўды ўваскрос!».