Актывісты БРСМ абнавілі дзіцячую пляцоўку ў Светлагорску

Светлагорскiя навiны

Актывісты раённага камітэта БРСМ прыводзілі ў парадак дзіцячую пляцоўку ў Маладзёжным мікрараёне

У межах чарговага этапу маладзёжнага праекту #ЗаДело моладзь Светлагоршчыны прыняла актыўны ўдзел у акцыі «#Разам з бацькамі».

 Дзеці — гэта наша будучыня, і мы павінны не толькі клапаціцца пра іх, даваць самае лепшае, але і на сваім прыкладзе паказваць, наколькі важна і правільна берагчы тое, што ў нас ёсць, і памнажаць, — расказвае пра акцыю першы сакратар раённага камітэта БРСМ Наталля Жызнеўская. — А ўлічваючы тое, што зараз лета і дзеці праводзяць большую частку часу на вуліцы, валанцёры Саюза моладзі і актывісты першаснай арганізацыі «Светлагорская раённая сетка бібліятэк» вырашылі абнавіць дзіцячую гульнявую пляцоўку і добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яе.

— Нягледзячы на тое, што мы не прафесіяналы-муляры, а толькі вучымся, пэндзлі і фарбы сёння — наш галоўны інвентар, — дзеліцца з «СН» Наталля Андрэеўна. — Навыкі афарбоўкі тут не гэтак важныя, галоўнае — жаданне прынесці радасць дзеткам і зрабіць нашу малую радзіму яшчэ больш прыгожай. Прыемна, што да нашай працы далучыліся і маладыя мамы з бліжэйшых дамоў, бо іх дзеці — пастаянныя наведвальнікі арэляў, ды і ў пясочніцы не супраць правесці вольны час.

Узброіўшыся пальчаткамі, пэндзлікамі, банкамі з фарбай і добрым настроем, дзяўчаты ўзяліся за працу. І за пару гадзін згуртаванай плённай працы дзіцячая пляцоўка зайграла яркімі фарбамі і адразу прыцягнула ўвагу дзяцей. Яны ацанілі работу і падзякавалі дарослым за такі доўгачаканы падарунак. Адзінае, што засмуціла дзяцей: выпрабаваць абноўленыя арэлі і лазанку не ўдалося, прыйшлося крыху пачакаць, пакуль высахне фарба.

Правядзенне такіх акцый не толькі збліжае бацькоў і дзяцей, але і ўтрымлівае ў сабе выхаваўчы момант добрай справы — дзеці вучацца на прыкладзе дарослых і сваіх бацькоў.