Папулярнасць беларускіх брэндаў сярод моладзі расце - сацдаследаванне
Папулярнасць беларускіх брэндаў сярод моладзі расце. Аб гэтым сведчаць вынікі сацдаследавання "Маладзёжны брэнд - 2020", прадстаўленыя сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.
"Увага да беларускіх брэндаў і прадукцыі расце. У бягучым годзе гэта асабліва відаць. Нават тыя пазіцыі, на якіх на працягу некалькіх гадоў знаходзіліся замежныя вытворцы, цяпер занялі нашы кампаніі", - адзначыла дырэктар ТАА "Белбрэндаўдыт" Валянціна Дыніч.
Пятае штогадовае рэспубліканскае сацыялагічнае даследаванне "Маладзёжны брэнд" прайшло ў 25 населеных пунктах Беларусі ў красавіку - маі 2020 года. Былі апытаны больш за 1,2 тыс. беларусаў ва ўзросце ад 15 да 30 гадоў. Мэта - выяўленне папулярных у маладзёжным асяроддзі беларускіх і замежных брэндаў і вытворцаў тавараў, прадстаўленых на тэрыторыі краіны.
"Мне здаецца, што гэта даследаванне - яшчэ адзін такі добры інфармацыйны базіс, на якім нашы прадпрыемствы і арганізацыі могуць больш канструктыўна і адэкватна выбудоўваць сваю палітыку і пазіцыю па пашырэнні беларускага. Моладзь заўсёды адыгрывае значную ролю ў грамадстве. Але гэта роля яшчэ ўзмоцніцца праз некаторы час, калі гэтыя маладыя людзі будуць займаць ужо новыя пазіцыі на сваіх рабочых месцах, у тым ліку кіруючыя. І ад таго, наколькі яны цяпер успрымаюць сваё, беларускае, залежыць іх рашэнне ў будучым па пашырэнні свайго прадукту", - адзначыла дырэктар.
Упершыню ў бягучым годзе моладзі было прапанавана скласці рэйтынг беларускіх брэндаў. "Мы прапанавалі беларускай моладзі адказаць на пытанні аб папулярнасці і вядомасці розных беларускіх брэндаў у нашай краіне і за мяжой. І такім чынам атрымалася скласці рэйтынг брэндаў на аснове праведзенага апытання, - дадала выканаўчы дырэктар ТАА "Белбрэндаўдыт" Ніна Каліта. - Такія рэйтынгі беларускіх брэндаў не складаюцца на гэты момант. У інтэрнэце можна знайсці даныя рэйтынгу ста беларускіх брэндаў аднаго ўкраінскага агенцтва, якое па сваёй пэўнай тэхналогіі падлічвае рыначны кошт брэндаў з фокусам на інвестыцыйную прывабнасць, але без уліку іншых актываў. Рэйтынгі, складзеныя па выніках праекта "Маладзёжны брэнд", заснаваны менавіта на даных сацыялагічнага даследавання".
Пры складанні анкеты раздзел "Папулярныя беларускія брэнды" быў першым, каб рэспандэнты называлі брэнды, аб якіх падумалі ў першую чаргу.
"Усе даныя будуць прадстаўлены ў адкрытым доступе і накіраваны зацікаўленым дзяржаўным органам і арганізацыям, СМІ, беларускім прадпрыемствам для вывучэння спажывецкіх паводзін у маладзёжным асяроддзі. Спадзяёмся, што даныя праведзенага даследавання будуць карысныя нашым беларускім прадпрыемствам для ўдасканалення і папулярызацыі сваёй прадукцыі", - падкрэсліла выканаўчы дырэктар.
Вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання будуць падведзены ва ўрачыстай абстаноўцы ў Дзень беларускага брэнда, 4 ліпеня, у Віцебску. У час цырымоніі будуць узнагароджаны прадпрыемствы, прадукцыя якіх найбольш папулярна ў маладзёжным асяроддзі.
Арганізатарамі даследавання выступілі ТАА "Белбрэндаўдыт" і маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый.
- Тэгі
- Сацдаследаванне