Качанава: ні адзін зварот грамадзян не павінен заставацца без адказу

БЕЛТА

У рабоце са зваротамі грамадзян недапушчальны фармалізм, ні адзін зварот не павінен заставацца без адказу. Аб гэтым журналістам заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая правяла сёння прамую тэлефонную лінію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 Некаторыя з тых, хто званіў, расказалі Наталлі Качанавай, што ўжо звярталіся ў мясцовыя органы ўлады са сваімі пытаннямі, але адказу не атрымалі. "Такога быць не павінна. Мы абавязкова возьмем гэта на кантроль, праверым, чаму людзям не адказалі. Гэта недапушчальна", - падкрэсліла спікер. У Беларусі прыняты закон аб зваротах грамадзян, ён павінен няўхільна выконвацца. "Зваротная сувязь вельмі важная. Любы чалавек, які звярнуўся, павінен атрымаць адказ. Будзем разбірацца", - дадала яна.

 Такі падыход павінен прымяняцца адносна ўсіх зваротаў, незалежна ад таго, з'яўляюцца яны абгрунтаванымі або не. "У любым выпадку мы абавязаны выслухаць чалавека. Разабрацца з пытаннямі, якія яго хвалююць, і калі гэта магчыма, прыняць меры ў рамках дзеючага заканадаўства", - пераканана спікер.

 За тры гадзіны Наталлі Качанавай дазваніліся 25 чалавек. Тэлефон у літаральным сэнсе не сціхаў ні на хвіліну. Кіраўнік верхняй палаты парламента растлумачыла, што выбрала такі фармат работы, паколькі ён дазваляе выслухаць больш людзей. Пытанні былі разнапланавымі, датычыліся ўсіх сфер: зямельных адносін, правядзення капітальнага рамонту, работы ЖКГ. Асобна Наталля Качанава вылучыла званкі ад жыхароў Лынтупаў (Віцебская вобласць) і Іўя (Гродзенская вобласць). Людзі ўзнімалі тэму стварэння працоўных месцаў з дастойнай зарплатай. "Гэта вельмі важныя пытанні, якія сёння знаходзяцца на кантролі", - падкрэсліла спікер.

 У Беларусі 2018-2020 гады былі аб'яўлены Гадамі малой радзімы. Спікер асабліва адзначыла, што шэраг званкоў датычыўся добраўпарадкавання і азелянення. "Навядзенне парадку на зямлі - наша агульная задача, улады і грамадства. Прыемна, што людзі гэта разумеюць і актыўна прымаюць удзел", - сказала яна. Старшыня Савета Рэспублікі звярнула таксама ўвагу, што ў час тэлефоннай лініі гучалі не толькі пытанні, але і прапановы па развіцці таго ці іншага горада або раёна.