Лукашэнка на БелАЭС: сёння гістарычны момант - Беларусь становіцца ядзернай дзяржавай

БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў запуск Беларускай атамнай электрастанцыі гістарычнай падзеяй у жыцці краіны. Такую заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння ў час наведвання БелАЭС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка папярэдне агледзеў тэрыторыю станцыі з верталёта. "Я так разумею, плошча будаўнічай і абслуговай пляцоўкі большая, чым самой станцыі? Я з верталёта паглядзеў - амаль у два разы", - адзначыў Прэзідэнт. Як расказаў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, усяго на тэрыторыі плошчай больш як 100 га пабудавана 130 розных будынкаў і збудаванняў. "З уводам першага энергаблока будзе ўведзена 88 аб'ектаў, з уводам другога - 42", - растлумачыў ён.

У вучэбна-трэніровачным цэнтры БелАЭС Прэзідэнту далажылі аб работах па ўводзе станцыі ў эксплуатацыю і яе інтэграцыі ў эканоміку краіны. "Усё так будзённа, як быццам метро пабудавалі. Гістарычны момант - краіна становіцца ядзернай дзяржавай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Віктара Каранкевіча, штогод на БелАЭС будуць вырабляць каля 18 млрд кВт/гадз. Запуск атамнай станцыі дасць магчымасць замяшчаць амаль 4,5 млрд куб.м прыроднага газу ў год. Валютная нагрузка на бюджэт знізіцца больш як на $500 млн. Выкіды парніковых газаў будуць змяншацца больш як на 7 млн т у год. "Тэрмін эксплуатацыі станцыі - 60 гадоў з магчымасцю прадаўжэння да 100 гадоў", - дадаў міністр. Усяго на БелАЭС будуць працаваць звыш 2,5 тыс. чалавек, каля 60 з іх - спецыялісты з Расіі і Украіны з вопытам работы на атамных станцыях.

Перспектывы супрацоўніцтва з расійскім бокам у сферы ядзернай энергетыкі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з генеральным дырэктарам "Расатама" Аляксеем Ліхачовым. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў стварыць у Беларусі даччынае прадпрыемства расійскай дзяржкарпарацыі. Закранулі і магчымасць будаўніцтва дадатковых рэактараў на БелАЭС, запуску ў рэгіёне энергаёмістых вытворчасцей. Акрамя таго, "Расатам" сумесна з Курчатаўскім інстытутам прапануе Нацыянальнай акадэміі навук стварыць даследчы рэактар. "Мы актыўна падтрымліваем гэта", - падкрэсліў Аляксей Ліхачоў.

Запуск атамнай станцыі адкрые Беларусі новыя магчымасці для нацыянальнай эканомікі і дазволіць больш актыўна развіваць іншыя сферы, напрыклад, вытворчасць электратранспарту. Аднак тут важна стварыць уласную батарэю, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У НАН даўно працуюць над гэтым праектам. "Мы вельмі рушылі наперад. Трэба з расіянамі тут таксама скааперавацца, прапанаваў Прэзідэнт. - Як толькі створым сваю батарэю для электратранспарту, мы раней за любую краіну пяройдзем на электрацягу".

У ліку прыярытэтных напрамкаў і падключэнне жылога фонду да электраэнергіі для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. "Я прыняў усе рашэнні - мы цяпер жыллё ў пераважнай большасці пераводзім на электрычнасць. Прынялі адпаведную праграму", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

На завяршэнне візіту на БелАЭС Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што марыць пра будаўніцтва ў краіне яшчэ адной атамнай станцыі. "Пакуль мы яе пачнём будаваць, беларусы тысячы разоў пераканаюцца, што мы стварылі цуд", - падкрэсліў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, беларусаў спрабуюць запалохаць тым, што пабудаваная ў Астраўцы АЭС небяспечная. Але, звярнуў увагу Прэзідэнт, рэспубліка акружана атамнымі станцыямі ў іншых краінах, і яны не такія сучасныя, як беларуская. "Гэта простая зайздрасць і канкурэнцыя, - так растлумачыў Аляксандр Лукашэнка такія ўкіды. - Гэтыя суседзі адсталі ад нас на 10 гадоў у будаўніцтве (АЭС. - Заўвага БЕЛТА). Апярэдзілі мы іх, дык прызнайце гэта. Яны таксама маюць свае дасягненні, мы ім зайздросцім, але не перашкаджаем".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўзвядзенне атамнай электрастанцыі падцягнула іншыя сферы эканомікі, перш за ўсё будаўніцтва і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. Таксама гэта падштурхне развіццё экалагічных відаў транспарту, дасць магчымасць сэканоміць на спажыванні прыроднага газу. "Наперад рухаюцца велізарныя сектары эканомікі. Мы практычна $7 млрд уклалі ў нашу эканоміку. І калі будаваць другую станцыю, гэта будзе добрым стымулам для развіцця эканомікі, лакаматывам, які дасць рух многім сектарам эканомікі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, беларускія спецыялісты перанялі мноства кампетэнцый, паколькі расійскія партнёры дзяліліся сваім вопытам і тэхналогіямі. "Мы навучыліся рабіць цуд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ўсё гэта падлічыць, то ўжо цяпер можна сказаць, што гэта непараўнальна выгадна. Асабліва ў час, калі ўвесь свет ашалеў ад каранавіруса", - дадаў Прэзідэнт.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце "АЭС-2006", які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення павышанай бяспекі. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі. Будынак рэактара мае двайную ахоўную абалонку, якая здольна вытрымаць землетрасенне, ураган, паводку, выбух і іншыя знешнія ўздзеянні.

Расійская тэхналогія ВВЭР на сённяшні дзень з'яўляецца самай запатрабаванай і апрабаванай у свеце. З яе выкарыстаннем на працягу апошняга дзесяцігоддзя ўведзены ў эксплуатацыю АЭС у КНР, Індыі, а таксама вядуцца падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве АЭС у Егіпце, Турцыі, Венгрыі, Фінляндыі, Бангладэш, Узбекістане.

Праект БелАЭС адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі. Гэта не раз пацвярджалі міжнародныя экспертныя місіі, у тым ліку МАГАТЭ, САА АЭС. Беларусь на добраахвотнай аснове правяла стрэс-тэсты БелАЭС па працэдуры Еўрапейскага саюза. Пры іх выкананні ацэньвалася наяўнасць "запасаў бяспекі" над патрабаваннямі, устаноўленымі нацыянальным заканадаўствам. Рэалізаваны і шэраг дадатковых мер па павышэнні ўзроўню бяспекі Беларускай АЭС.

З уводам АЭС Беларусь уступае ў сусветны клуб дзяржаў, якія выкарыстоўваюць атамную энергію ў мірных мэтах. Праект унясе істотны ўклад ва ўмацаванне энергетычнай незалежнасці. Краіна атрымае стабільную, экалагічна чыстую крыніцу энергіі, якая дазволіць забяспечыць амаль трэць унутраных патрэбнасцей у электраэнергіі.