Светлагорская настаўніца расказала, якімі якасцямі павінен валодаць сучасны педагог
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №10 Людміла Анатольеўна Грыцкова — прадстаўнік вельмі важнай і патрэбнай прафесіі. Больш за 30 гадоў яна нястомна працуе ў галіне адукацыі, несучы дзецям свае веды, жыццёвую мудрасць.
— Людміла Анатольеўна, што паўплывала на выбар такой цікавай і адначасова складанай прафесіі?
— Вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказала мая бабуля, якая была настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Я з маленства назірала за тым, як яна працавала дома: правярала сшыткі, ставіла ў іх адзнакі, рыхтавала розныя творчыя заданні, цікавыя мерапрыемствы. Менавіта з таго часу я вырашыла звязаць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю. Так і атрымалася: паехала паступаць у Мазырскі педагагічны інстытут.
— Памятаеце свой першы працоўны дзень?
— Канешне! Ён адбыўся ў сярэдняй школе №11, дзе я праводзіла ўрокі ў шостых і сёмых класах. Было цяжкавата… Менавіта таму, што не хапала ведаў і вопыту. Бо ўсё гэта прыходзіць з гадамі, у працэсе працы.
— Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць сучасны настаўнік?
— Па-першае, любіць дзяцей, умець знайсці да кожнага падыход. Па-другое, адпраўляючыся з вучнямі ў цікавае падарожжа па «краіне ведаў», настаўнік павінен шмат ведаць сам. Таму вельмі важнай якасцю з’яўляецца пастаянная самаадукацыя, павышэнне свайго прафесійнага ўзроўню. Па-трэцяе, сучасны настаўнік — гэта творчы чалавек, педагог-наватар, здольны натхніць сваіх навучэнцаў на пошук, творчую дзейнасць, самаўдасканальванне. Па-чацвёртае, настаўнік павінен валодаць пачуццём гумару, які на ўроках дапамагае зняць напружанасць, разрадзіць абстаноўку.
— У гэтым годзе дзве вашы вучаніцы атрымалі па 100 балаў на ЦТ па беларускай мове, іншыя навучэнцы таксама паказваюць высокія вынікі ў рэспубліканскіх алімпіядах. У чым
сакрэт?
— У кожнага настаўніка ёсць свой стыль, свая адметная сістэма работы. Напрыклад, я вучу сваіх дзяцей творча працаваць. Пачынаючы з пятага класа, на ўроках стараюся даваць кожнае правіла паглыблена, наколькі гэта магчыма. І калі дзеці прыходзяць у 10-11 клас і вырашаюць рыхтавацца і здаваць іспыт на ЦТ па беларускай мове, то добры падмурак ведаў у іх ужо ёсць.
— У гэтым годзе вы «абнуліліся» — у вас і 5-я класы. Як зацікаўліваеце іх роднай мовай?
— Галоўная задача зараз для мяне як для настаўніка — зацікавіць дзяцей беларускай мовай. З першых урокаў звяртаю ўвагу на адметнае гучанне слова і яго ўнутранае хараство.
— Якія творы ім запалі ў душу?
— У кожным класе (з 5 па 11) ёсць такія творы, якія забыць немагчыма. Напрыклад, «Насцечка» Кузьмы Чорнага, ці «Жураўліны крык» Васіля Быкава — гэтыя аповесці ўражваюць да глыбіні душы, вучаць быць людзьмі, годна, дастойна сябе несці.
Помню момант, калі вывучалі «Людзі на балоце» Івана Мележа. Бачу, што не хочуць чытаць, ды і няма часу… Гавару адной дзяўчыне: прачытай 20 лістоў, болей не трэба, і я адчаплюся. Вучаніца адразу згадзілася. А я ведаю, што, прачытаўшы гэтыя першыя 20 лістоў, потым немагчыма адарвацца. Праходзіць нейкі час, і мая дзяўчына так захапілася гэтым творам, што перачытала ўвесь раман. Прыходзіцца ісці вось на такія хітрыкі.
— Праз гады падтрымліваеце адносіны з вучнямі? Цікава, яны віншуюць вас са святамі: днём нараджэння, Днём настаўніка?
— З днём нараджэння — не, таму што гэтая дата ў сакрэце, а з Днём настаўніка — заўсёды. Нават праз гады ўсё роўна падтрымліваем адносіны, вучні прыходзяць, дзеляцца са мной рознымі думкамі, набалелым, расказваюць пра поспехі. Вельмі добра, што дзеці не забываюць настаўнікаў і родную школу.
- Тэгі
- СШ №10