Вуліцы Светлагорска
Указам ад 29 ліпеня 1961 г.Шацілкі былі перайменаваны ў г.Светлагорск. Першы генеральны план забудовы горада быў распрацаваны ў 1962 годзе інстытутам «Белдзяржпраект» (архітэктары В.Анікін і Г.Булдоў).
Першай вуліцай у Светлагорску стала вуліца Леніна. Была распрацавана сістэма мікрараёнаў. У перыяд з 1960 па 1970 гг. паралельна будаваліся 1-ы і 2-і мікрараёны. Да 1977 г. на 3 м-не быў пабудаваны першы эксперыментальны 9-павярховы дом. У 1984 г. з’явіўся 12-павярховы, а праект 16-павярховага быў распрацаваны ў
1983 г., здадзены ў эксплуатацыю гэты дом у 1985 г. Праз 14 гадоў праект забудовы быў адкарэктаваны.
Структура забудовы г.Светлагорска адрозніваецца своеасаблівай выцягнутасцю ўздоўж Бярэзіны і дзеліцца напалам чыгункай, якая перасякае горад з поўначы на поўдзень. Заходні планавальны раён — гэта два жылыя масівы і прамысловая зона. Заходні раён характэрны індывідуальнай забудовай.
Калі выкарыстоўваць архітэктурную тэрміналогію, то асноўныя планіровачныя восі горада — пойма Бярэзіны, вуліцы 50 год Кастрычніка, Леніна, Свярдлова, Калініна, Завадская. Кампазіцыйным цэнтрам з’яўляецца плошча з размешчанымі на ёй грамадскімі будынкамі.
У 1991 г. спатрэбілася яшчэ адна карэкціроўка генплана. Але яе аказалася недастаткова. Усе змены зыходзяць з таго, што горад будуецца.
Гісторыя вялікай і малой радзімы ў назвах вуліц
Так ужо павялося з глыбокай старажытнасці, што кожны зноў заснаваны населены пункт, як і кожная мясцовасць, рэчка, луг і г.д. маюць сваю назву. Назвы атрымлівалі вуліцы, мікрараёны, якія з’яўляліся ў нашым горадзе. Першапачаткова спецыяльных камісій, якія б абгрунтоўвалі новыя назвы, не стваралася. Пэўныя члены выканаўчага камітэта атрымлівалі заданне абгрунтаваць назву новай вуліцы, і, калі дадзенае абгрунтаванне здавалася членам выканаўчага камітэта пераканаўчым, вуліца атрымлівала назву.
Так, назва адной з вуліц нашага горада — Заходняя — была прапанавана А.Рашацілавым, які лічыў, што гэтая вуліца будзе завяршаць заходні планіровачны раён, потым было прынята рашэнне аб працягу забудовы гэтага раёна, але назва вуліцы захавалася. Назву вул.Жлобінскай прапанаваў адзін са старшыняў райвыканкама С.Максіменка, зыходзячы з таго, што вуліца бліжэй за ўсё размешчана да горада Жлобіна.
Выключэннем з’яўляецца праца тапанімічнай камісіі, якая была створана ў 1992 г., калі гаворка ішла аб далейшай індывідуальнай забудове Заходняга планіровачнага раёна. Тапанімічнай камісіяй былі распрацаваны асноўныя прынцыпы, парадак, паслядоўнасць упарадкавання урбаномікі. Зыходзячы з асноўных прынцыпаў, былі дадзены назвы 12 вуліцам Заходняга планіровачнага раёна.
Камісія таксама прапаноўвала перайменаваць вул.Сацыялістычную ў Горвальскі тракт. Назва гэта была ўпершыню зафіксавана ў дакуменце 1560 г. Назва пацвярджае, што першая вуліца Шацілавічаў паўстала на Горвальскім тракце (шлях з Бабруйска ў Рэчыцу, праз вёску Горваль Рэчыцкага раёна). Вул.Свярдлова было прапанавана даць назву Паштовы шлях. Назва была знойдзена ў выніку апытвання мясцовых жыхароў.
На скрыжаванні Паштовага шляху і Горвальскага тракту для пераправы праз Бярэзіну і былі заснаваныя Шацілавічы, таму з пункту гледжання тапанімічнай камісіі гэтыя дзве назвы вельмі каштоўныя для адлюстравання гісторыі горада. Тапанімічная камісія таксама выходзіла з прапановай перайменаваць вул.50 гадоў Кастрычніка ў Каштанавы бульвар, вул.Калініна — у Саснаваборскую. Былі і іншыя прапановы, але яны не былі зацверджаны.
Хаця вопыт перайменавання ў горадзе ўжо быў: Палеская стала вул.Азалава, а в.Какаль перайменаваная ў Светач (цяпер гэта вул.Лазо).
Светлагорск размешчаны на пэўных вуліцах або мікрараёнах, назвы якіх можна класіфікаваць.
1.Адлюстраванне рэвалюцыйнага мінулага ў назвах вуліц
70 гадоў існавання савецкай дзяржавы пакінулі незабыўны след у гісторыі нашай краіны. Гэта адбілася і ў назве вуліц горада Светлагорска: у нас ёсць вул.50 гадоў Кастрычніка, Камунальная, Камсамольская, Кааператыўная, Чырвонаармейская, Міра, Кастрычніцкая, Першамайская, Піянерская, Пралетарская, Савецкая, Сацыялістычная, Юбілейная.
2.Вуліцы, назвы якіх звязаны з будаўніцтвам Васілевіцкай ДРЭС
Пасля прыняцця рашэння аб узвядзенні Васілевіцкай гідраэлектрастанцыі пачалося будаўніцтва горада. Гэтая будоўля была абвешчана Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. І таму з’явіліся на карце Светлагорска вул.Дружбы, Інтэрнацыянальная, Маладзёжная, Славянская, Будаўнічая, Працоўная, Энергетыкаў.
3.Вуліцы, названыя імёнамі
3.1. Вуліцы, названыя імёнамі рэвалюцыйных дзеячаў: вул.Дзяржынскага, Калініна, Лазо, Леніна, Луначарскага, Свярдлова, Фрунзе. Вядома, гэтыя дзеячы непасрэднага дачынення да нашага горада не маюць, але ў савецкі час было прынята называць вуліцы іх імёнамі.
3.2. Вуліцы, названыя ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны
Імёны герояў-вызваліцеляў ўвекавечаны ў назвах вуліц, а таксама на Алеі славы: вул.Азалава, Гастэла, Яршова, Камыніна, Краснапёрава, Лявухіна, Мірашнічэнка, Рэдзькіна, Цеплякова, Чыгладзэ.
3.3.Вуліцы, названыя ў гонар славутых палкаводцаў
Даніна павагі – у назве вул.Суворава, Батава, Чапаева.
3.4. Вуліцы, названыя імёнамі дзеячаў мастацтва і навукі
Назвы вуліц, зразумела, патрэбныя для арыентацыі, але яны яшчэ і знаёмяць з рознымі аспектамі гісторыі, з выдатнымі дзеячамі мінулага, з знакамітымі пісьменнікамі, чыя творчасць складае культуру ўсяго свету: вул.Багдановіча, Гогаля, Горкага, Крылова, Купалы, Ламаносава, Лермантава, Маякоўскага, Мічурына, Пушкіна, Скарыны.
3.5. Вуліцы, названыя імёнамі вядомых лётчыкаў
Бурнае развіццё самалётабудавання і ракетнай тэхнікі ў савецкі час прывяло да распрацоўкі савецкай касмічнай праграмы. Як раз у гэты час і будаваўся наш горад. У назвах вуліц адлюстраваны самыя яркія перамогі савецкага Саюза ў гэтай галіне: вул.Волкава, Гагарына, Дабравольскага, Камарова, Пацаева, Цітова, Чкалава, Стэфаноўскага.
4.Вуліцы, назвы якіх адлюстроўваюць характар іх размяшчэння
Многія вуліцы самі падказалі сваю назву. Так, адносна бакоў свету названыя вул.Заходняя і Паўночная; па геаграфічным размяшчэнні аб’ектаў: Авіяцыйная, Дарожная, Жалезнадарожная, Задарожная, Завадская, Маставая, Набярэжная, Палеская, Прывакзальная, Прыгарадная, Спартыўная, Цэнтральная, Школьная, Шасейная; па кірунку транспартных магістраляў: зав.Бабруйскі, вул.Бабруйская, Калінкавіцкая, Мядкоўская, Парыцкая, Руднянская; Зялёная, Лясная, Лугавая, Паркавая, Пясочная, Палявая, Садовая, Светлая, Сонечная, Хваёвая, Кветкавая; Бярэзінская, Дняпроўская, Жардзянская, Прыпяцкая.
- Тэгі
- Вуліцы Светлагорска