У Беларусі 9 снежня ноччу пры праясненнях пахаладае да мінус 20 градусаў

БЕЛТА

Да 20 градусаў марозу чакаецца ў Беларусі ноччу 9 снежня, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

У чацвер будзе воблачна з праясненнямі. Месцамі пройдзе невялікі снег, па паўднёвым усходзе - снег, мокры снег. У асобных раёнах чакаюцца галалёд, намаразь, слабы туман, на дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер будзе паўночна-ўсходні, усходні 4-9 м/с.

Тэмпература паветра ў начны час складзе мінус 9-14 градусаў, пры праясненнях - мінус 15-20, па паўднёвым усходзе - 5-8 градусаў марозу. Удзень тэмпература паветра будзе вагацца ад нуля на поўдні да мінус 11 градусаў па поўначы.