У Светлагорскім раёне адсвяткавалі Стрэчанне

Светлагорскiя навiны

У рамках патрыятычнага выхавання ў ДУА «Чыркавіцкі яслі-сад Светлагорскага раёна» выхаванцаў знаёмяць з народнымі святамі, традыцыямі і звычаямі беларускага народа. Мы стараемся звяртаць увагу дзяцей да народных вытокаў, каранёў нашых продкаў. Для гэтага мы ладзім фальклорныя святы, дзе весела толькі таму, хто і сам спявае песні і водзіць карагоды.

15 лютага не стала выключэннем. Падчас свята дзеці адправіліся ў госці да бабкі Агаф’і. Якая распавяла дзецям пра тое, што з даўніх часоў гэты дзень лічыўся першай сустрэчай вясны з зімой. Дзеці з цікавасцю даведаліся, як адзначалі Стрэчанне, або Грамніцы, у народзе, што гаспадыні пяклі печыва ў выглядзе розных хатніх жывёл. Яго раскладвалі ўсюды: у адрынах, каб скаціна вадзілася, не хварэла, у кладоўках, каб шмат харчоў было, на вокны, каб не хварэць, шчаслівымі быць.

Разам з бабкай Агаф’яй хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі песні, заклічкі, вадзілі карагоды «Як зіма з вясной сустрэліся», гулялі ў народныя гульні «Ручаёк», знаёміліся з звычаямі і традыцыямі свята.

Ну, а напрыканцы  свята, вядома, усіх чакаў пачастунак.

Абуджаючы ў душы кожнага дзіцяці дапытлівасць, пачуццё любові да свайго народу, яго звычаяў і традыцый, мы выхоўваем патрыёта сваёй краіны.

Анжэла Берліна, загадчык ДУА «Чыркавіцкі яслі-сад Светлагорскага раёна». Фота аўтара