У Светлагорскім раёне адзначылі 100-годдзе з дня нараджэння Івана Шамякіна

Светлагорскiя навiны

Беларускую літаратуру немагчыма ўявіць без спадчыны І.Шамякіна. Іван Пятровіч стварыў жывыя адметныя вобразы, якія застаюцца ў памяці чытача. Вельмі прыдатная нагода яшчэ раз судакрануцца з творчасцю майстра слова — 100-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.

Вучні і настаўнікі ДУА “Дуброўскі яслі-сад — сярэдняя школа” не маглі не адгукнуцца на гэту падзею мерапрыемствамі. У кабінеце роднай мовы і літаратуры арганізавана тэматычная выстава выданняў твораў пісьменніка.

Адзінаццацікласніцы выяўлялі трываласць сваіх ведаў па творчасці І.Шамякіна на літаратурным турніры “Летапісец свайго часу”, якасць і грунтоўнасць адказаў сведчаць, што дзяўчат цікавяць кнігі пісьменніка, выклікаюць душэўную ўзрушанасць, прымушаюць задумацца над сур’ёзнымі жыццёвымі пытаннямі. У напруджанай барацьбе перамагла Дар’я Клешчанка.

А вучні 8-11 класаў сабраліся на вечарыне “Іван Шамякін — чалавек-эпоха”. Выдатна справіліся з адказнай роляў выдучых Ігнат Старавойтаў і Аліна Дрозд. З клапатлівай далікатнасцю да шамякінскага слова аднесліся чытальнікі ўрыўкаў з твораў пісьменніка — Ксенія Бянько і Дар’я Клешчанка. Удумліва і пераканальна выступалі ў ролі І.Шамякіна хлапчукі Дзяніс Русакоў і Мікіта Тукач. Поўны звонкага гучання верш паэта  В.Лукшы “Памяці Івана Шамякіна” пранікнёна данесла Дар’я Сілівончык. І мы згаджаемся са словамі паэта: “Не, класікі не паміраюць-/Такі іх бессмяротны род”. Слова пісьменніка жыве, яно мае шматмільённага адрасата. Яго кнігі перакладзены на мноства замежных моў.

Хочацца верыць, што сённяшнія юнакі і дзяўчаты будуць чытаць творы Шамякіна, перачытваць старонку за старонкай і пазнаваць усё больш і больш пра беларускі народ і яго гісторыю, а значыць, пазнаваць сябе.