Лукашэнка: свет павінен ведаць і помніць аб трагедыі беларускага народа

БЕЛТА

Свет павінен ведаць і помніць аб трагедыі беларускага народа, і гэту тэму дзяржава будзе падымаць на самы высокі міжнародны ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з нагоды 76-й гадавіны Вялікай Перамогі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы павінны адкрыта гаварыць, што беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню ў сваёй гісторыі сутыкнуліся з масавым і планамерным знішчэннем мірнага насельніцтва. Гэта на руках фашыстаў, паліцаяў, іншых калабарантаў кроў тысяч і тысяч, мільёнаў нявінных ахвяр: жанчын, старых і дзяцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што свет павінен ведаць і помніць аб трагедыі беларускага народа. "І мы будзем гэту тэму падымаць на самы высокі міжнародны ўзровень, каб яны помнілі і не забывалі, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - І няхай нашчадкі нацыстаў нават не мараць, што калі пойдуць апошнія сведкі генацыду беларускага і іншых народаў, з імі пойдзе гістарычная праўда".

"Дарагія ветэраны, вас вельмі няшмат засталося, але вы павінны помніць і, адыходзячы ад нас, перадаць тым, хто на нас сёння глядзіць адтуль: мы ніколі не здрадзім вашаму подзвігу і нікому не дазволім адабраць у нас вашу Вялікую Перамогу. Тым больш мы нікому не дазволім зганьбаваць усё тое, што вы зрабілі ў сваім жыцці, абараніўшы Еўропу ад карычневай чумы", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ жывы дзеці вайны, якія на свае вочы бачылі, як гітлераўскія вырадкі, прыслужнікі-паліцаі палілі іх маці, братоў і сясцёр, як катавалі і вешалі патрыётаў, як забівалі немаўлят. "Іх галасы гучаць сёння, і мы захаваем кожны з іх у дакументах, кнігах, фільмах. Нас не будзе, але іх сведчанні абавязкова пачуюць будучыя пакаленні. Гэта праўда будзе жыць заўсёды!" - падкрэсліў Прэзідэнт.