У сэрцы памяць аб вайне: светлагорскія старшакласнікі сустрэліся з «Субяседнікам»

Напярэдадні свята Дня Перамогі ў гарадскім музеі адбылася сустрэча вучняў дзясятых класаў з удзельнікамі клуба «Субяседнік».

Прыйшлі на сустрэчу жанчыны, на долю якіх выпалі выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ўдзельніцы клуба, дзеці вайны: Інэса Георгеўна Макарэцкая, Святлана Сяргееўна Чарапанава, Ніна Фёдараўна Копелева, Ларыса Міхайлаўна Аксючыц.

Спачатку быў прадэманстраваны фільм пра нашу зямлячку Валянціну Андрэеўну Петухову «Любіміца партызан». Яе бацькі ўдзельнічалі ў стварэнні партызанскага атрада. Дзяўчынка трапіла ў атрад з фашысцкага засценка. Стала любіміцай атрада. Дапамагала маці пячы хлеб для партызан, перавязвала раненых, чысціла патроны, перадавала данясенні. А яшчэ іх сям’я выратавала параненага савецкага лётчыка. Выходжвала яго Валя Петухова. Лётчык паправіўся і зрабіў яшчэ 100 палётаў, а пасля вайны прыязджаў у вёску Пякалішчы, каб нізка пакланіцца дзяўчынцы, людзям, якія яго ратавалі.

Ніна Фёдараўна Копелева расказвала, што ў пачатку вайны ёй было тры гады. Разам з маці яна трапіла ў канцэнтрацыйны лагер у Германіі. Было холадна, хацелася есці. На скуры з’явіліся гнойныя нарывы. У 1945 годзе амерыканцы вызвалілі іх з лагера. Дзяўчынцы было пяць год, калі яна з мамай вярнуліся дамоў, у Мсціслаў. Бацька не прыйшоў з вайны. Ёсць меркаванне, што ён згарэў у танку.

«Страляніна, выбухі снарадаў, слёзы, плач — усё тэта засталося ў памяці», — ўспамінае Святлана Сяргееўна Марапанава. Яны жылі ў Гомелі. Хаваліся ад бамбёжкі ў доме Паскевічаў. Маці ў той час была цяжарная. Падчас бамбёжкі ў маці пачаліся роды. Сярод людзей знайшоўся доктар-акушэр, які дапамог жанчыне. Нарадзіўся брацік.

 Зямля дрыжала ад выбухаў бомб, гарматаў, гарэлі хаты, каровы, — гаворыць Святлана Сергееўна. — Вельмі хацелася есці. Збіралі ўсё: крапіву, жалуды, лебяду, шчаўе. У муку дабаўлялі апілкі. Ад голаду пухлі рукі, ногі. Гублялі прытомнасць.

 Малю бога, каб нашым дзецям, унукам ніколі не давялося бачыць тых жахаў вайны, якія выпалі на нашу долю, — працягвае далей удзельніца сустрэчы Аксючыц Ларыса Міхайлаўна. — У час вайны апынулася ў горадзе Грозным, вучылася ў трэцім класе. Памятаю, як карміла раненага афіцэра, чытала яму вершы.

Цяжкі лёс напаткаў Ларысу Міхайлаўну. Недзе пад Севастопалем загінуў бацька, а пасля вайны, у наш час, з палёту не вярнуўся сын-лётчык.

Пра дзяцінства, абпаленае вайной, гаварыла і Інэса Георгіеўна Макарэцкая. Яна ўспамінала, як аднойчы ў вёску, дзе жыла яе сям’я, уварваліся немцы. Людзей загналі ў адну вялікую хату. А астатнія двары, хаты спалілі. Памятае, як немцы сталі біць маці і тая ўпала. Раптам з вуліцы пачалі раздавацца крыкі немцаў: «Партызаны, партызаны!». Фашысты пачалі ўцякаць, хутка пакінулі вёску. Усе хаты згарэлі, засталася адна, тая, куды зганялі людзей. Цудам яны засталіся жывымі.

 Вайна — самае страшнае і жорсткае слова, — далей працягвае Інэса Георгіеўна. — У кожнай сям’і свае ахвяры той вайны. Прайшло амаль 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Жывых удзельнікаў, герояў, дзяцей вайны застаецца ўсё менш і менш. Таму моладзь павінна памятаць старонкі нашай гісторыі, аберагаць свой дом, сям’ю, Радзіму. Каб ніколі не здарылася той страшнай трагедыі 1941-1945 гадоў.

Цікавай і змястоўнай была сустрэча вучняў з жанчынамі-дзецьмі вайны. Лёс гэтых людзей дастойны таго, каб пра іх пісалі кнігі.

В.В. Кавальчук, старшыня клуба «Субяседнік»