«Жывуць тут добрыя людзі»: расказваем пра Хутар Светлагорскага раёна

Светлагорскiя навiны

Хутар — адасобленая сялянская гаспадарка з сядзібай, якая знаходзілася непасрэдна на зямельным надзеле селяніна. Узнікалі пасля рэформы 1861 г., аднак масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. у сувязі са сталыпінскай аграрнай рэформай. Рост хутароў прадаўжаўся і ў 20-ых гадах і быў перапынены прымусовай калектывізацыяй і ліквідацыяй «кулацтва» як класа. У Заходняй Беларусі хутары захаваліся ад 50-60-х гадоў, калі не лічыць асобных выпадкаў адасобленых пасяленняў, якія сустракаюцца і ў наш час. У суседніх рэспубліках Прыбалтыкі прадпрымаюцца небеспаспяховыя спробы адраджэння хутароў як фермерскіх гаспадарак.

Ёсць паселішча пад назвай «Хутар» і ў Баравікоўскім сельсавеце Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Але гэта не адасоблены падворак, а аграгародок са сваёй інфраструктурай.

Там, дзе была багна…

Дакладнай даты заснавання вёскі Хутар няма. Верагодна, што яна з’явілася ў ХVІІ стагоддзі. Існуе паданне, што першымі яе жыхарамі беглыя сяляне (халопы), якіх гналі па Горвальскім тракце ўздоўж Бярэзіны на вайсковую службу. Дык некаторыя з іх збеглі з-пад варты. У густым лесе за непралазнымі балотамі выкапалі, каб хавацца, зямлянкі ды пачалі абжывацца. Тутэйшы люд тых уцекачоў называў халопамі. А паселішча — Хутар. Крыху пазней уцекачоў агулам назвалі Хулупамі. I да сёння гэта прозвішча — адно з найбольш распаўсюджаных у вёсцы.

Надта распаўсюджана ў Хутары і прозвішча Смаленчукі. I тут ёсць легенда. Маўляў, некалі ў двух кіламетрах ад вёскі Яланы ўзвялі свае курані некалькі сем’яў са Смаленшчыны. Іх і назвалі Смаленчукамі. Хулупы і Смаленчукі выпальвалі драўляны вугаль, карчавалі лес, каб можна было мець поле.

А лес патроху уступаў людям, іх воле, сіле, упартасці. На месцы яго ўтвараліся вузкія палоскі з частымі межамі. Так званыя казённыя сяляне дралі лазу, займаліся саматужніцтвам. У Хутары было 20-25 уросшых у зямлю хацінак з саламянымі дахамі. Адсюль, верагодна, і назва вёскі. Вакол былі непраходныя балоты.

Ішоў час. Жыццё знямялася, змяняліся людзі. З пакалення ў пакаленне перадаюцца хутаранамі набыткі звычаяў і традыцый.

Згодна пісьмовых звестак вядома з XIX стагоддзя як паселішча ў Якімаваслабадской воласці Рэчыцкага ўезда Мінскай губерніі. У 1858 годзе – уласнасць казны. У 1879 годзе пазначана ў ліку паселішч Славінскага царкоўнага прыходу. Згодна перапісу 1897 года дзейнічаў магазін.

XX-е стагоддзе

Ішоў час. Грымнуў 1917-ы. Актыўны ўдзел у барацьбе за савецкую ўладу прымалі жыхары Хутара Іван Калінавіч Клешчанка, Іван Прохаравіч Назаранка, Міхаіл Цімафеевіч Смалянчук і інш.

У сакавіку — чэрвені 1920 г. у раёне Хутара ішлі жорсткія баі падраздзяленняў Чырвонай Арміі з палякамі. Як памяць аб тых падзеях ва ўрочышчы Каменка пад дубам захавалася «магіла бальшавіка». Тут пахаваны Мітрафан Піліпавіч Мяственка, 1898 г.н., які загінуў 7 красавіка 1920 г.

Неўзабаве пасля вы-гнання палякаў у вёсцы стварылі камсамольскую ячэйку. У яе ўваходзілі Цімафей Трафімавіч Бочка, Іван Піліпавіч Гвоздзь, Мікалай Сяргеевіч Гвоздзь, Кірыла Раманавіч Клімянок, Мікіта Савельевіч Мігай, Рыгор Ціханавіч Смалянчук.

У 1930 г. у Хутары быў арганізаваны калгас «Лепшая доля». Першы старшыня — Раман Сафронавіч Шэнец. Надта паважалі ў вёсцы Васіля Паўлавіча Клімянка, які ўзначальваў брыгаду па вырошчванні агародніны. Ён ставіў доследы, атрымліваў выдатныя ўраджаі. З’яўляўся ўдзельнікам ВДНГ СССР, быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Праўленне калгаса прыняло рашэнне гнаць на ўсход арцельную жывёлу. Гэта даручэнне выканала член партыі Наталля Пархомаўна Мігай.

У час часовай акупацыі Светлагоршчыны нямецка-фашысцкімі захопнікамі блізка ад Хутара дзейнічаў партызанскі атрад імя Кірава (Парыцкі), у якім з ворагам змагаліся і жыхары вёскі. 14 чэрвеня 1943 г. карнікі спалілі вёску Хутар, знішчылі 99 яе жыхароў. 22 лістапада 1943 г. Хутар вызвалілі часці Чырвонай Арміі і партызаны.

Людзі жылі ў зямлянках. У адной з такіх зямлянак тут, у Хутары, 4 снежня 1943 г. адбылося сумеснае пасяджэнне Парыцкіх РК КП(б)Б і райвыканкома, на якім былі зацверджаны старшыні сельскіх саветаў вызваленай часткі Парыцкага раёна, абмеркаваны пытанні аднаўлення народнай гаспадаркі, стварэння знішчальнага атрада для барацьбы з варожымі дыверсантамі ў прыфрантавой паласе. Да ліпеня 1944 г. Хутар заставаўся цэнтрам Парыцкага раёна.

Скончылася вайна. Паступова аднаўлялася і вёска Хутар. У 1951 г. мясцовы калгас атрымаў высокі для таго часу ўраджай. Асабліва значнага поспеху дасягнула брыгада па вырошчванні кок-сагызу пад кіраўніцтвам Марыі Мішчанка. Яе ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Калгас «Лепшая доля» быў пераўтвораны ў саўгас «Светлагорскі». Ён спецыялізаваўся на вырошчванні агародніны, у галіне жывёлагадоўлі. У пачатку 1980-ых гаспадарка мела 54 трактары, 30 аўтамашын, 14 збожжаўборачных камбайнаў, шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. На жывёлагадоўчых фермах налічвалася 2400 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 162 – каровы.

Прыгажэла вёска Хутар. Выраслі новыя вуліцы – Саўгасная і Камсамольская. Працавалі сельскі Дом культуры, два магазіны, сталовая, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, ФАП, аддзяленне сувязі, аптэка, дзіцячы садок. У 1965 г. адкрылася сярэдняя школа (у 1925 г. — пачатковая, з 1935 г. — сямігодка).

3 1985 г. гісторыя вёскі Хутар цесна звязана са Светлагорскім аграпрамысловым упраўленнем (на той час – упраўленне тэхналагічнага транспарту). Нафтавікі ўзвялі тут жывёлагадоўчы комплекс па вырошчванні свіней і буйной рагатай жывёлы. У 1988 г. быў пабудаваны цэх забою жывёлы, зманціраваны лініі вытворчасці тушонкі і пяльменяў. У 1992 г. асвоены модуль вытворчасці сыру французскай фірмы «Акціні». У 1994 г. пачала працаваць лінія па вырабу малака ў пакетах. Тады ж пабудавалі і звераферму па вырошчванні норкі. Праўда, пазней з-за стратнасці яе давялося закрыць.

У 1996 г. саўгас «Светлагорскі» ўвайшоў у Светлагорскае аграпрамысловае ўпраўленне. Былі абсталяваны новыя магутнасці па перапрацоўцы мясных і малочных прадуктаў. З’явіліся капцільня, пчальнік. У вёсцы пабудавалі нават ветраны млын.

Ёсць вуліцы цэнтральныя…

Галоўная вуліца вёскі — вуліца Кірава. На ёй размешчана дзяржаўная ўстанова адукацыі «Хутарскі яслі-сад-сярэдняя школа». Вуліца называецца так, таму што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна дзейнічаў з 1942 года партызанскі атрад імя Кірава пад кіраўніцтвам Макара Міхайлавіча Какоўкі. Партызанамі атрада было збіта 3 нямецкіх самалёты, узарвана 2 жалезабетоныя масты на рэчках Пціч і Жардзянка, разбіта і знішчана 7 нямецкіх гарнізонаў. У снежні 1943 года атрад імя Кірава ўступіў ва ўзаемадзеянне з часцямі 65-й арміі і вызваліў вёску Хутар. Людзі ўдзячны героям-партызанам і ў гонар іх назвалі сваю галоўную вуліцу.

Вуліца Палявая сваю назву атрымала за сваё суседства з палямі вакол яе, вуліца Школьная — знаходзіцца каля школы, вуліца Садовая – выходзіць да калгаснага саду. Ідучы па вуліцы Лясной, апынаешся пад верхавінамі векавых таполяў. А самая малодшая сярод іх – вуліца Чарнобыльская. Яна адбудавалася пасля аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі ў 1986 годзе. Сюды прыехалі жыць людзі з выселеных раёнаў і знайшлі тут другую сваю Радзіму.

Крок у новае стагоддзе

Зараз Хутар — сучаснае шматпрофільнае аграпрамысловае прадпрыемства. І жывуць тут добрыя людзі. Таму што няма нічога больш значнага, чым працаваць на зямлі продкаў, аддаваць ёй сваю любоў, верыць у яе і расці разам з ёй. Прыемна бачыць, што з кожным годам прыгажэе паселішча, бо кожны гаспадар стараецца, каб у хаце і каля яе былі парадак і ўтульнасць. І няхай бывае нялёгка, але кожны «хутаранец» любіць сваю малую радзіму — зямлю іх продкаў і зямлю іх нашчадкаў…