Лiстабой, зімнік, вясельнiк — народныя традыцыі і прыкметы кастрычніка

Светлагорскiя навiны

Набліжаецца кастрычнік. Нашы продкі называлі гэты месяц не толькі «кастрычнікам», але і «бруднікам», «зімнікам», «лістабоем». Акрамя карагода ў паветры лісця, збору ўраджаю і нарыхтовак на зіму, другі месяц восені адкрываў перыяд восеньскіх вяселляў.

Гэты тыдзень пачынаецца з вялікага хрысціянскага свята Узвіжання Крыжа Гасподняга. Адзначаецца ў гонар крыжа, на якім быў укрыжаваны Хрыстос. Узвіжанне Крыжа сімвалізуе шлях, які вядзе да выратавання. Паняцце выратавання народ распаўсюдзіў на тыя выгоды, якія атрымаў з Божай дапамогай ад сваіх вялікіх прац на зямлі. У сувязі з гэтым лічылася, што да гэтага дня ўсё вырашчанае на зямлі павінна быць прыбрана.

27 верасня па паданнях продкаў — апошняе развітанне з цяплом. Казалі так: «Пасля Узвіжання халат — з плеч, а кажух на плечы». Пры гэтым дадавалі: «Ключы ад лета ў шэрай галачкі, яна іх толькі па вясне прынясе». Прыкмячалі, што ў гэты дзень змеі і вужы апошні раз грэюцца на сонцы, а потым паўзуць на зіму ў норы. Таму на Узвіжанне хадзіць у лес асцерагаліся, верылі, што першы вясновы і апошні восеньскі ўкусы гэтых «паўзуноў» — самыя небяспечныя. Лічылася, што з гэтага дня мядзведзь кладзецца ў бярлог да свята Камаедзіцы.

28 верасня — Дзень пакутніка Мікіты, празванага ў народзе «гусятнікам». І нездарма. З гэтага часу пачынаўся адлёт гусей. Адсюль і прымаўка «гусі ляцяць, зіму на хвасце цягнуць».

29 верасня ўшаноўвалі святога Міхаіла. Прыкмячалі: «Калі на Міхала з поўначы вее, то не май на пагоду надзеі».

Па назіраннях, 1 кастрычніка звычайна збіраюцца ў дарогу жоравы. Таму гэты дзень празвалі ў народзе «жураўліным летам».

2 кастрычніка, на Зосіма, пчалінага заступніка, на пчальніках збіраюць мёд, падрыхтоўваюць вуллі да зімоўкі.

Пара збору грыбоў. Здаўна дары лесу займалі значнае месца на стале беларусаў. У ранейшыя часы збіралі ў большасці баравікі, рыжыкі «чырвонагаловікі», лісічкі і падбярозавікі, празваныя ў народзе «бабкамі». Да ўсіх астатніх грыбоў «пераборлівае вясковае насельніцтва» ставілася грэбліва. Дарэчы, у даваенны час грыбоў у беларускіх лясах збіралі столькі, што часам везлі вазамі.

Лес па паданнях нашых продкаў — прастора асаблівая. Ён можа быць добрым для таго, хто ведае яго законы, выконвае і паважае іх.

Даўней лічылася, што кожны лясны масіў мае «гаспадара». Называлі яго па-рознаму: «Лесавік», «Верасовы дзядок», «Лясны дзед», «Лясун», «Лясны гаспадар», «Дабрахот». Вера ў Лесавіка служыла станаўленню своеасаблівай экалагічнай раўнавагі паміж чалавекам і прыродай. Лесавік у родным прасторы быў даволі вялікага росту, а ў полі памяншаўся і станавіўся амаль нябачным. Ён «апекаваўся пра звяроў, птаства ды ўсё лясное насельніцтва», аберагаў іх ад «паляўнічых» — браканьераў, а лес — ад пажараў. Да чалавека, які аддае «павагу» лесу, ставіўся па-добраму, мог надзяляць яго знахарскімі здольнасцямі і дапамагаць у промыслах. Лесавік дапамагаў пастухам знайсці згубленую «жывёлу» ці  сам прыганяў яе дадому. Таму, хто прыносіць шкоду лесу і прыродзе, лесавік, па ўяўленнях продкаў, мог прымусіць блукаць, напалохаць, не даць магчымасці развесці агонь, нават пры наяўнасці «крэсіва ці запалак», адабраць у яго поспех у паляванні не толькі на звера, але і на ягады-грыбы, прычым назаўсёды. Наша прымаўка паказвае на вечнасць гэтай прасторы: «Не было нас — быў лес, i не будзе нас, будзе лес».

Прыкметы

  • Моцныя і працяглыя халады ў кастрычніку — да марознай зімы.
  •  Гром у кастрычніку — зіма будзе кароткая і мяккая.
  • У кастрычніку ідзе снег — да позняй вясны.