Беларускія аграрыі пачалі пасадку бульбы
Беларускія аграрыі пачалі пасадку бульбы. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання.
Паводле даных на 22 красавіка, кукуруза пасеяна на плошчы 18,4 тыс. га, або 1,69 працэнта ад плана. Сяўбу пачалі ўсе вобласці, акрамя Віцебскай.
Раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) у краіне пасеялі на плошчы 508,2 тыс. га - гэта 78,9 працэнта ад запланаванага аб'ёму. У Віцебскай вобласці гэтыя культуры пасеяны на 58,5 працэнта плошчаў, у Мінскай - 92,6 працэнта, а ў Магілёўскай - на 32,3 працэнта. У Брэсцкай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях сяўба ўжо завершана.
Глебу пад сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур падрыхтавалі на 558,3 тыс. га (86,7 працэнта плана). У бягучым годзе гэтыя культуры будуць размешчаны на плошчы 644,3 тыс. га.
Таксама ў Беларусі праводзіцца сяўба яравога рапсу (ужо выканана на плошчы 8,31 тыс. га, або 26,2 працэнта да плана), лёну (15,2 тыс. га, або 30,7 працэнта), цукровых буракоў (39,6 тыс. га, або 40,2 працэнта) і аднагадовых траў (65,3 тыс. га, або 23,4 працэнта). Агароднінныя культуры пасадзілі на плошчы 1,17 тыс. га - гэта 18,9 працэнта ад плана, бульбу высадзілі на 0,45 тыс. га, што складае 2,24 працэнта ад запланаванага аб'ёму.
- Тэгі
- Беларускія аграрыі