Акцыю "Спёка" правядзе Чырвоны Крыж у Гомельскай вобласці

БЕЛТА

Гомельская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа запускае з 24 чэрвеня прафілактычную акцыю "Спёка", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела арганізацыі Арцём Карпенка.

У час акцыі валанцёры раскажуць жыхарам рэгіёна аб правільных паводзінах ва ўмовах павышаных тэмператур."Бліжэйшы тыдзень чакаецца гарачым: з пятніцы слупок тэрмометра не апусціцца ніжэй за 28 градусаў. Валанцёры Чырвонага Крыжа навучаць людзей аказваць першую дапамогу пры цеплавых ударах, пры пападанні вады ў дыхальныя шляхі. Таксама мы падрыхтавалі памяткі з рэкамендацыямі аб бяспечных паводзінах у гарачае надвор'е", - расказаў Арцём Карпенка.

Напрыклад, апоўдні 24 чэрвеня на Гомельскім цэнтральным рынку будзе разгорнута палатка першай дапамогі. У ёй адпрацуюць сітуацыю на выпадак, калі пакупніку на рынку стане дрэнна. Пры неабходнасці акажуць і канкрэтную дапамогу.

У час акцыі па ўсёй вобласці добраахвотнікі Чырвонага Крыжа будуць дзяжурыць на масавых мерапрыемствах, раздаваць пітную ваду, арганізуюць пункты першай дапамогі. Адправяцца валанцёры і на прадпрыемствы, супрацоўнікі якіх працуюць у гэтыя дні на адкрытым паветры. На такіх сустрэчах размова пойдзе аб мерах бяспекі ў спёку. Запланаваны сумесныя мерапрыемствы з ДАІ па прафілактыцы цеплавых удараў у аўтааматараў. Не застануцца без увагі і пляжы, месцы адпачынку рэгіёна.