Эканомія амаль у два разы. Кіраўнік ЦВК расказаў аб асноўных затратах пры правядзенні выбараў

БЕЛТА

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка расказаў журналістам аб асноўных затратах пры арганізацыі і правядзенні выбараў, а таксама растлумачыў, за кошт чаго ўдасца значна сэканоміць у перыяд маючай адбыцца электаральнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ён растлумачыў, што пры правядзенні выбараў асноўны артыкул расходаў - гэта траты на заработную плату тым, хто ўключаны ў працэс. Нават калі людзі не адрываюцца на поўны рабочы дзень, то яны афармляюцца на 0,5 або 0,25 стаўкі альбо атрымліваюць грошы за тое, што дзяжураць у камісіях або задзейнічаны пры правядзенні датэрміновага галасавання. У час асобных электаральных кампаній у папярэднія гады затраты на заработную плату складалі ад 77 працэнтаў да 80 працэнтаў агульнага бюджэту на выбары. "Цяпер мы патрацім на гэты артыкул усяго толькі 66 працэнтаў, - сказаў Ігар Карпенка. - Гэта звязана з тым, што зменшылася колькасць камісій за кошт таго, што акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў выканаюць функцыю акруговых камісій па выбарах дэпутатаў абласных і Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Гэта значыць адбылося ўзбуйненне. Плюс мы фарміруем участковыя камісіі ў больш кароткія тэрміны - за 30 дзён да правядзення выбараў".

"Мы за кошт сумяшчэння выбараў прыкладна ў два разы эканомім сродкі ў параўнанні з тым, калі б праводзілі асобна кожную кампанію", - дадаў ён.

  • Тэгі