Да канца года ў 17 лясгасах будзе ўкаранёны аўтаматызаваны відэанагляд за ляснымі пажарамі
Да канца года ў 17 лясгасах краіны будзе ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма відэанагляду за ляснымі пажарамі. Аб гэтым расказаў кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксей Байко на вытворчай нарадзе з кіраўнікамі ДВЛГА і асобных рэспубліканскіх арганізацый, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.
Паводле слоў Аляксея Байко, сёння відэанагляд у лясным фондзе Мінлясгаса ажыццяўляецца на 77,4 працэнта плошчы, а да канца года стаіць задача ахапіць усе лясгасы.
Спецыяліст адзначыў, што ў галіне вядзецца планамерная работа і па ўкараненні сучасных сродкаў радыёсувязі. За апошнія 5 гадоў яны былі ўстаноўлены ў 92 лясгасах. У шасці астатніх - Гарадоцкім, Суражскім, Шумілінскім, Астравецкім і Смаргонскім доследных, Валожынскім лясгасе - укараненне сродкаў радыёсувязі будзе ажыццёўлена ў гэтым годзе.
Як падкрэсліў Аляксей Байко, найбольшую ўдзельную вагу ў выяўленні лясных пажараў мае дастынцыйны маніторынг (55,9 працэнта ад агульнай колькасці выпадкаў). Па стане на 26 чэрвеня, у лясным фондзе Мінлясгаса зафіксавана ўжо 389 выпадкаў лясных пажараў на агульнай плошчы 201,1 га. Дзякуючы аператыўнаму выяўленню і ліквідацыі ўзгаранняў службовымі асобамі дзяржлесаховы, сярэдняя плошча ачагоў складае 0,52 га.
- Тэгі