Забароны і абмежаванні на наведванне лесу захоўваюцца ў 72 раёнах Беларусі
Забароны і абмежаванні на наведванне лесу захоўваюцца ў 72 раёнах Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аператыўную інфармацыю Міністэрства лясной гаспадаркі.
Поўная забарона на наведванне лесу дзейнічае ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці.
У Мінскай вобласці абмежавана наведванне ў 10 раёнах, яшчэ ў двух (Валожынскі, Маладзечанскі) уведзены забароны. У Магілёўскай вобласці забаронена наведванне лесу ў сямі раёнах, яшчэ ў чатырох абмежавана.
У Гомельскай вобласці на большай частцы тэрыторыі рэгіёна дзейнічае абмежаванне на наведванне лясных масіваў. Свабодна прагуляцца па лесе можна ў Жыткавіцкім і Чачэрскім раёнах. У Светлагорскім, Жлобінскім і Рагачоўскім раёнах вобласці ўведзены поўныя забароны на наведванне.
У Брэсцкай вобласці абмежаванні ўведзены ў пяці раёнах - Ганцавіцкім, Кобрынскім, Жабінкаўскім, Брэсцкім і Камянецкім. Усе астатнія свабодны ад забароны і абмежаванняў.
На большай частцы Гродзенскай вобласці дазволена наведваць лес. У Гродзенскім раёне ўведзена абмежаванне, яшчэ ў трох раёнах уведзены забароны - Ашмянскі, Астравецкі, Смаргонскі.
На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лесу. З яе дапамогай можна аператыўна прасачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лес. Карта абнаўляецца ў рэжыме рэальнага часу, таму даныя могуць мяняцца на працягу дня.
- Тэгі