У Беларусі мадэрнізуюць электрасеткі, каб задаволіць попыт на электраэнергію для ацяплення
Энергазабеспячальныя арганізацыі будуць нарошчваць тэмпы будаўніцтва і мадэрнізацыі электрасеткавай інфраструктуры для задавальнення нарастаючага попыту насельніцтва на электраэнергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз, каменціруючы даручэнні, дадзеныя ў час Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадзяне сур'ёзна зацікавіліся выкарыстаннем электрычнасці для ацяплення жылля і неабходна прадаставіць ім гэту магчымасць.
Гэта работа арганізавана ў адпаведнасці з зацверджанымі па ўзгадненні з аблвыканкамамі перспектыўнымі планамі мадэрнізацыі электрасетак, якія ахопліваюць больш за 1,5 тыс. населеных пунктаў. Усяго за пяцігодку будзе ўведзена ў строй каля 5,7 тыс. км электрасетак.
"У 2023 годзе ў краіне плануецца рэканструяваць і пабудаваць больш за 2 тыс. км паветраных ліній электраперадачы, звыш 20 трансфарматарных падстанцый розных класаў напружання, у тым ліку завяршыць інвестпраекты па мадэрнізацыі высакавольтнай падстанцыі 750 кВ "Беларуская", падстанцыі 220 кВ "Стоўбцы" з пераводам яе на больш высокі клас напружання 330 кВ", - адзначыў намеснік міністра.
Такім чынам будуць створаны дадатковыя магчымасці для росту электраспажывання, у тым ліку для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Паводле слоў Дзяніса Мароза, за апошнія два гады аб'ём спажывання насельніцтвам электраэнергіі на названыя патрэбы вырас больш як у 5 разоў - з 92,5 млн кВт.гадз да 474,9 млн кВт.гадз.
У перыяд з 2021 па 2022 гады ўведзена ў эксплуатацыю каля 665 тыс. кв.м новага шматкватэрнага электрыфікаванага жылля, задаволена 40,9 тыс. заявак грамадзян (84 працэнты) на выдачу тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак індывідуальных жылых дамоў да электрычных сетак у мэтах выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Росту попыту на электраэнергію шмат у чым садзейнічалі стымулюючыя тарыфы для насельніцтва, прынятыя на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а таксама магчымасць кампенсавання часткі расходаў грамадзян на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду ў рамках указа ад 14 красавіка 2020 года нумар 127.
- Тэгі