Тры маладзёжныя экіпажы на ўборцы намалацілі больш за 1 тыс. тон збожжа
Тры маладзёжныя экіпажы на ўборцы намалацілі больш за 1 тыс. тон збожжа, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.
"На сённяшні дзень на ўборцы задзейнічаны 362 маладзёжныя экіпажы", - сказала Вераніка Гудкова.
Трое з іх намалацілі больш за 1 тыс. т збожжа: два - у Мінскай вобласці, адзін - у Магілёўскай. Гэта экіпаж старшага камбайнера Яўгена Кукраша і камбайнера Міхаіла Жудрыка (намалот 1241 т), маладзёжны экіпаж бацькі і сына ў складзе старшага камбайнера Юрыя Паўлюкевіча і камбайнера Міхаіла Паўлюкевіча з ААТ "Рэчань" Любанскага раёна (1046 т), а таксама экіпаж старшага камбайнера Андрэя Дразда і камбайнера Аляксандра Краўцова з ААТ "Рассвет імя К.П. Арлоўскага" Магілёўскай вобласці (1007 т).
Усяго маладзёжныя экіпажы намалацілі 60 036 т збожжа.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць праект "Моладзь - за ўраджай". Яго мэта - павышэнне прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочванне іх працоўнай ініцыятывы, папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і прафесій аграрнага профілю. Удзельнікі праекта - маладзёжныя ўборачныя экіпажы, маладыя камбайнеры і маладыя вадзіцелі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжавых і зернебабовых культур.
Спаборніцтвы праходзяць у дзвюх намінацыях: "Маладзёжны экіпаж камбайнераў, які дасягнуў найбольшага намалоту" і "Малады вадзіцель, які перавёз найвышэйшую колькасць збожжавых культур". Пераможцамі становяцца першыя экіпажы-тысячнікі і вадзіцелі, якія занялі прызавыя месцы ў працоўным спаборніцтве па выніках уборачнай кампаніі. Непасрэдна ў палях арганізаваны ўшаноўванні маладых лідараў уборачнай кампаніі з уручэннем пераможцам дыпломаў, вымпелаў і памятных падарункаў. Бацькам юнакоў і дзяўчат будуць накіраваны пісьмы падзякі за дастойнае выхаванне сыноў і дачок, прывітую ім любоў да працы на роднай зямлі.
- Тэгі