Новаўвядзенні ў аплаце, кантролі і парадку надгляду. Апублікаваны змяненні ў закон аб гарадскім электратранспарце і метрапалітэне

БЕЛТА

Закон ад 17 ліпеня 2023 года нумар 297-З, якім карэкціруецца закон ад 5 мая 2014 года нумар 141-З "Аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне", апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

Як паведамілі ў Нацыянальным цэнтры заканадаўства і прававых даследаванняў, у ліку змяненняў - карэкціроўка тэрміна "электронны білет" у сувязі з пашырэннем магчымасцей аплаты праезду з дапамогай інфармацыйнай сістэмы продажу білетаў, а таксама іншымі спосабамі (праз мабільныя дадаткі, бескантактавай банкаўскай карткай і інш.). Таксама прадугледжана замацаванне форм кантрольнай (нагляднай) дзейнасці Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый за выкананнем заканадаўства пры арганізацыі і выкананні перавозак пасажыраў гарадскім электратранспартам (выбарачныя і пазапланавыя праверкі, мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару, меры прафілактычнага і папераджальнага характару).

Замацаваны механізм, што дазваляе ажыццяўляць аплату паслуг аператараў перавозак пасажыраў. Закон дапоўнены нормамі, які вызначаюць моманты заключэння дагавора перавозкі пасажыра гарадскім электратранспартам у рэгулярных зносінах і метрапалітэнам. Таксама ўдакладнены нормы, што рэгламентуюць парадак надгляду ручной паклажы пасажыраў метрапалітэна, у тым ліку прадугледжана магчымасць ажыццяўлення надгляду фізічных асоб, якія знаходзяцца на станцыі і маюць намер заключыць дагавор перавозкі пасажыра метрапалітэнам.

Прадугледжана карэкціроўка прававога падыходу да спосабу рэгулявання стварэння і дзейнасці кантрольна-рэвізорскіх службаў на гарадскім электратранспарце і метрапалітэне. Прапануецца такі парадак устанаўліваць правіламі перавозак пасажыраў гарадскім электрычным транспартам, выключыўшы адпаведную кампетэнцыю Міністэрства транспарту і камунікацый. Такое рашэнне прынята для забеспячэння адзіных падыходаў да рэгулявання аўтамабільных перавозак пасажыраў і перавозак гарадскім электрычным транспартам.

Асноўныя палажэнні закона ўступаюць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.

  • Тэгі