На рэках Беларусі адзначаюцца ваганні ўзроўняў вады з тэндэнцыяй да паніжэння
На рэках Беларусі адзначаюцца ваганні ўзроўняў вады з тэндэнцыяй да паніжэння, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Вада знаходзіцца на пойме на большасці рэк басейнаў Дняпра, Бярэзіны, Сожа, Прыпяці, некаторых рэках басейнаў Нёмана, Віліі і Заходняга Буга. У шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці захоўваюцца затапленні рачнымі водамі.
"Ледастаў і ледастаў з палонкамі назіраецца на Заходняй Дзвіне каля гарадскога пасёлка Сураж і аграгарадка Ула, Дняпры каля Магілёва, Бярэзіне каля Бабруйска, Сожы каля Крычава і некаторых іх прытоках. На азёрах і вадасховішчах назіраецца ледастаў і ледастаў няпоўны", - сказалі ў Белгідрамеце.
Паводле інфармацыі гідролагаў, у бліжэйшыя суткі істотных змяненняў ва ўзроўневым і ледавым рэжымах рэк не чакаецца.
- Тэгі
- Белгідрамет