Беларусы ў 2022 годзе павялічылі спажыванне электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў 1,7 раза

БЕЛТА

У Беларусі аб'ём спажывання насельніцтвам электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў 2022 годзе вырас у 1,7 раза. Аб гэтым на сустрэчы з працоўным калектывам філіяла "Мінскія электрычныя сеткі" РУП "Мінскэнерга" заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэнерга.

Паводле слоў міністра, аб'ём спажывання насельніцтвам электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў 2022 годзе вырас у 1,7 раза ў параўнанні з 2021 годам - з 272,8 млн кВт.гадз да 475 млн кВт.гадз. Чакаецца, што да канца пяцігодкі гэты аб'ём павялічыцца да ўзроўню не менш як 1 млрд кВт.гадз.

Акрамя таго, за 2019-2022 гады ў энергазабеспячальныя арганізацыі паступіла 90,2 тыс. зваротаў грамадзян аб выдачы тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў да электрычных сетак для выкарыстання электрычнай энергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Задаволена 78,7 працэнта, або 71 тыс. з іх. У 2022 годзе такіх зваротаў паступіла 22,6 тыс., задаволена 84 працэнты, або 19 тыс.

У Мінэнерга адзначылі, што росту спажывання насельніцтвам электраэнергіі для названых мэт садзейнічаюць дзеючыя стымулюючыя меры. У тым ліку магчымасць пакрыцця часткі расходаў грамадзян на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду ў рамках указа нумар 127 "Аб пакрыцці расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду".

Для задавальнення ўзрастаючага попыту на электраэнергію энергазабеспячальныя арганізацыі нарошчваюць аб'ёмы будаўніцтва і рэканструкцыі электрасетак. Сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам зацверджаны планы мадэрнізацыі электрасетак, якія ўключаюць 1,5 тыс. населеных пунктаў.