МЗС Беларусі растлумачыла, як па новым указе атрымаць або абмяняць пашпарт пражываючым за граніцай
Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаменціравала змяненні ў парадку выдачы дакументаў пасольствамі і консульствамі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ведамства.
Указ Прэзідэнта нумар 278 "Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў" уступае ў сілу 7 верасня. Ён уносіць змяненні ў пералік консульскіх дзеянняў і адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюць замежныя ўстановы па заявах грамадзян.
У прэс-службе МЗС праінфармавалі, што пасольствы і консульствы будуць па-ранейшаму займацца пытаннямі грамадзянства, консульскага ўліку, рэгістрацыяй актаў грамадзянскага стану, афармленнем пастаяннага пражывання за межамі Беларусі. Таксама яны будуць і далей выдаваць пасведчанні па вяртанне ў Беларусь, засведчваць завяшчанні, згоды, адмовы, засведчваць правільнасць копій і сапраўднасць подпісу на дакументах.
Разам з тым пасольствы і консульствы больш не ўпаўнаважаны займацца выдачай, абменам, прадаўжэннем усіх відаў пашпартоў і ідэнтыфікацыйных картак. Такія дзеянні можна ажыццявіць на тэрыторыі Беларусі.
"Грамадзяне, якія аформілі пастаяннае пражыванне за межамі Беларусі і стаяць у загранустановах на пастаянным консульскім уліку, змогуць звяртацца па пытаннях абмену пашпартоў у галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС або ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі ў Беларусі (па месцы апошняга жыхарства бацькоў - для асоб, якія не пражывалі ў рэспубліцы)", - расказалі ў прэс-службе.
Апастыль таксама будзе прастаўляцца ў адным з кампетэнтных органаў у Беларусі (МЗС, Мінадукацыі, Мінюст і галоўныя ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў - у залежнасці ад тыпу дакумента). Падача дакументаў магчыма толькі асабіста ўладальнікам або іншай асобай пры прад'яўленні даверанасці, аформленай у краіне.
"Асабістая падача дакументаў у зацікаўлены орган таксама прадугледжана па шэрагу іншых адміністрацыйных працэдур, пералічаных у адпаведным дадатку да ўказа (для атрымання даведак ЗАГС, паўторных пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (акрамя смерці) і інш.)", - дадалі ў МЗС.
Звароты, пададзеныя да ўступлення ў сілу ўказа, разглядаюцца ў парадку, дзеючым раней.
- Тэгі