Настаўніка года Беларусі назавуць 28 верасня
Пераможцу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" назавуць 28 верасня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзьячэнка.
"У фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года" выйшлі 56 удзельнікаў. Сярод іх як маладыя педагогі, так і даволі вопытныя. Цяпер каманды ў рэгіёнах праводзяць вельмі вялікую работу па падрыхтоўцы канкурсантаў да ўдзелу ў фінальным этапе, які пачнецца праз два тыдні і закончыцца 28 верасня мерапрыемствамі, прысвечанымі Дню настаўніка", - сказаў Алег Дзьячэнка.
Паводле яго слоў, праграма фінальных мерапрыемстваў вельмі насычаная. Удзельнікі конкурсу будуць спаборнічаць у розных намінацыях. Праграмай конкурсу прадугледжаны розныя мерапрыемствы: урок у незнаёмым месцы, майстар-клас, выступленне перад педагагічнай грамадскасцю, рашэнне педагагічных сітуацый і інш.
Разам з тым удзельнікі конкурсу прайшлі ўжо некалькі трэнінгаў, накіраваных на знаёмства адзін з адным, далі майстар-класы.
Папярэдні раз конкурс "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь" праводзіўся ў 2020 годзе.
Паралельна з конкурсам прафесійнага майстэрства ўпершыню ў рэспубліцы будзе праводзіцца фестываль "Педагагічны дэбют". Прдугледжана чатыры намінацыі: "Малады настаўнік", "Малады выхавальнік", "Малады кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі" і "Малады загадчык дзіцячай дашкольнай установы". Алег Дзьячэнка заўважыў, што такі фестываль дасць магчымасць педагогам прадэманстраваць свае прафесійныя ўменні, веды, навыкі, абмяняцца вопытам з калегамі. "Гэта добрая пляцоўка для рэтрансляцыі эфектыўнага педагагічнага вопыту", - сказаў ён.
Мерапрыемствы конкурсу "Настаўнік года" пройдуць на базе БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ, Індустрыяльна-педагагічнага каледжа (філіяла РІПА), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, іншых устаноў адукацыі Мінска. Суперфінал конкурсу адбудзецца на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Мерапрыемствы фестывалю "Педагагічны дэбют" пройдуць на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.
- Тэгі