Натарыусы Беларусі 15 верасня пракансультуюць бясплатна

БЕЛТА

Натарыусы Беларусі 15 верасня будуць кансультаваць бясплатна. Удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі, прымеркаванай да святкавання Дня народнага адзінства, прымуць усе натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро краіны, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар Беларускай натарыяльнай палаты Юрый Лукашэвіч.

На працягу рабочага дня жыхары і госці Беларусі, звярнуўшыся асабіста да натарыуса, змогуць атрымаць кансультацыю па пытаннях, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Можна будзе пракансультавацца ў тым ліку па афармленні спадчынных правоў, складанні завяшчанняў, шлюбных дагавораў, адчужэнні нерухомай маёмасці, прадастаўленні электронных дакументаў для дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычных асоб або індывідуальных прадпрымальнікаў.

Правядзенне такіх акцый, прымеркаваных да дзяржаўных свят і іншых памятных дат, разглядаецца як работа па прававой асвеце. Для натарыяльнай супольнасці Беларусі акцыі сталі традыцыйнымі. Яны накіраваны перш за ўсё на забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, павышэнне ўзроўню правасвядомасці, прававой культуры і дасведчанасці насельніцтва.

Поўны спіс натарыяльных кантор і натарыяльных бюро, іх кантактныя даныя і час работы можна ўдакладніць на сайце Беларускай натарыяльнай палаты ў раздзеле "Знайсці натарыуса".

  • Тэгі