“Тое, што дорага сэрцу”. День вёскі адсвяткавалі ў Прасвеце
Што такое малая радзіма? Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Таму што кожны адказвае на яго па-рознаму. Для аднаго чалавека гэта тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, для іншага — сяло або горад, дзе ён жыве, а для трэцяга — бераг рачушкі, старая таполя ў ваколіцы… Падобных меркаванняў існуе мноства, і ўсе яны па-свойму верныя. А ўсё з-за таго, што чалавек абірае сваёй радзімай тое, што дорага яго душы, што дорага яго сэрцу.
Сярод палёў і лясоў Светлагоршчыны, на шляху між Палессем і Сасновым Борам, жыве і квітнее вёска Прасвет. У гэтую суботу яе жыхары адзначалі Свята роднай вескі.
Як заведзена ў падобных выпадках, яно праходзіла ў мясцовым сельскім доме культуры. На пляцоўцы ля яго дарослых чакалі гандлёвыя рады, а дзяцей — батуты і забаўляльная праграма аніматараў Асташкавічскага СДК. У самім ДК гасцей чакала ўнікальная выстава з далёкага мінулага — «Назад у СССР». Яна ўражвала гасцей сваёй разнастайнасцю. Значкі, паштоўкі, бытавая тэхніка, плакаты, вінілавыя кружэлкі — усё было сапраўднае. Усё было з той эпохі — часу маладосці нашых бацькоў. У гэты восеньскі сонечны дзень арганізатары свята пастараліся, каб кожнаму жыхару вёскі было дзе адпачыць і пацешыцца, было што паглядзець.
Традыцыйна ўрачыстая частка свята пачалася з віншавання жыхароў вёскі. У гэты дзень гасцямі: старшынёй Давыдаўскага сельскага выканаўчага камітэта Віктарам Траццяковым, іерэем царквы Успення Найсвяцейшай Багародзіцы айцом Паўлам і прадстаўніком Светлагорскага цэнтра народнай творчасці Галінай Купрык — у адрас вяскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў падзякі за іх спагадлівасць, дабрыню, працавітасць і душэўную цеплыню. Словы падзякі ў свой адрас пачулі: Любоў Салавей — найстарэйшая жыхарка вёскі і Багдан Крук — самы маленькі яе жыхар, шматдзетныя сем’і, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікі вёскі — усё тыя, дзякуючы каму жыве і развіваецца гэтая вёска.
Так супала, што ў гэтым годзе святкуе свой юбілей і Прасветаўскі сельскі дом культуры. 65 год таму ў новым, пабудаваным калгасам, будынку, у якім з мэблі знаходзіліся толькі пісьмовы стол і шафа з кнігамі, запаліўся агонь асветы і культуры, які да гэтага часу не згасае. Таму ў гэты дзень жыхары вёскі добрым словам успаміналі яго кіраўнікоў і віншавалі таленавітых выканаўцаў, удзельнікаў калектываў мастацкай самадзейнасці, мясцовых майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія развівалі культурнае жыццё вёскі.
І якое ж свята без добрай песні? На працягу мерапрыемства гучалі музычныя нумары ў выкананні работніка клуба, таленавітага спевака Юрыя Марусіка, госця з г.Буда-Кашалёва Аляксандра Вераб’я (дарэчы, ураджэнца вёскі, які адмыслова прыехаў на гэтае свята). Таксама слухачоў парадаваў сваёй творчасцю народны ансамбль народнай песні «Радасцея» Прудкоўскага СДК. Вяскоўцы актыўна падтрымлівалі артыстаў, падпявалі, танчылі і дарылі ўсім свой выдатны настрой. А ўсё таму, што вось такія яны добрыя, працавітыя і вясёлыя — жыхары вёскі Прасвет.