Воркшоп «Сельскі турызм праз школьны сад» арганізавалі ў Светлагорскім раёне

Светлагорскiя навiны

У мінулую суботу класы Дуброўскай школы сталі для вучняў сельскіх школ, настаўнікаў і бацькоў імправізаванай рамеснай майстэрняй. Тут у рамках праекту грамадскай арганізацыі «Беларускі зялёны крыж» быў арганізаваны воркшоп «Сельскі турызм праз школьны сад». Таксама гасцей чакалі цікавыя мерапрыемствы: «Ручнiк-фэст» і майстар-клас мясцовай майстрыхі — жыхаркі аг.Дуброва Кацярыны Шчур.

Паспрабаваць свае сілы прыйшлі вучні школ Дубровы і Асташкавіч, якія ўдзельнічаюць у праекце разам са сваімі бацькамі і педагогамі.

Прысутнічалі на мерапрыемстве і госці: Наталля Святкіна — каардынатар адукацыйных праграм, што рэалізуюцца ў рамках міжнароднага праекту «Школьны сад», Ганна Выгонная — мастак-рэстаўратар і Вольга Шпігановіч — спецыяліст па дыстанцыйным навучанні праекту.

Перад дзецьмі выступіла майстрыха-вышывальшчыца Кацярына Шур. Яна адна з лепшых майстроў гэтага віду народнай творчасці ў нашым раёне.

У кабінетах школы для ўдзельнікаў прайшлі майстар-класы. Трафарэтны роспiс па матывах узораў Кацярыны Шчур «Эка-торба» і «Кветкавае пано», трафарэтны роспiс па матывах «дывана» Язэпа Драздовіча чакалі юных майстроў і іх бацькоў. Дзве гадзіны карпатлівай працы прынеслі задавальненне і гледачам, і гасцям.

— Не сакрэт, што сёння моладзь даўно «адарваная ад зямлі». Для іх убачыць, як расце капуста ці гарох, падобна на цуд. Маладое пакаленне, выгадаванае на культуры інтэрнэт-сеткі, нават не ўяўляе, якія таямніцы і цуды схаваныя там, за яе межамі. Для таго, каб адрадзіць у моладзі любоў да роднай зямлі, у кантэксце сельскага жыцця, з выкарыстаннем культурнай спадчыны нашай Беларусі, створаны і паспяхова рэалізуюцца нашы экалагічныя і турыстычныя праекты, — распавяла пра задачы міжнароднага праекта «Школьны сад» Наталля Святкіна.

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «ЕU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва” фінансуецца Еўрапейскім саюзам і суфінансуецца Міжнародным зялёным крыжам на тэрыторыі нашага раёна. Сёння праект паспяхова рэалізуецца на базе Асташкавіцкай, Дуброўскай, Каранёўскай і Печышчанскай школ. З яго ўмовамі вы можаце азнаёміцца ​​на сайце greencross.by/ru/projects і прыняць у ім удзел.